Гародніна дня
Прадукт дня
Гароднінныя пацешкі
Іспанская кухня
Неверагодную гастранамічную разнастайнасць іспанскай кухні сфармавалі фінікійцы, грэкі, рымляне, карфагеняне і арабы. Адбіткам рэгіянальнай разнароднасці Іспаніі з'яўляюцца яе кухні. Найбольш вядомыя з іх -- басконская, каталонская, валенсійская, эстрэмадурская і кухня абедзвюх Кастылій. Краіну карыды і фламенка, сонца і пясчаных пляжаў, водараў алівы і шафрана, апельсінаў і віна насяляюць 17 нацыянальнасцяў. Замежнікаў больш за ўсё дзівяць адрозненні паміж рэгіёнамі – у мове, культуры, мастацкіх традыцыях, пейзажах і палітыцы.

Паводле мясцовай традыцыі, іспанцы большую частку свайго часу праводзяць па-за домам. У сувязі з гэтым прынята есці ў рэстаранах і кафэ. Распаўсюджаны звычай снедаць у барах. Такі бар спалучае ў сабе функцыі кавярні, шынка і рэстарана, дзе ў залежнасці ад часу дня падаюцца розныя стравы. Да 12 гадзін падаюцца сняданкі, як правіла, салодкія, але можна папрасіць афіцыянта, каб зрабіў бутэрброд з сырам або каўбасой. З 12 да 16 гадзін кухня падае гарачыя стравы. З 16 кухня зачыненая да самага вечара, калі пачынаюць падаваць вячэру. На дэсерт, акрамя сезоннай садавіны і марозіва, наведнікам падаюць пудынг і выпечку. Што цікава, у Іспаніі да дэсертаў залічаюць і каву, якую тут гатуюць выдатна. Аматараў гарбаты, мабыць, засмуціць факт, што яе тут амаль не п'юць.

Для заправы супоў і салатаў ужываюць аліву, якую дыетолагі лічаць самай здаровай сярод тлушчоў. Часцей за ўсё стравы гатуюць з рыбы, морапрадуктаў, стручковых раслін і рысу. Узбагачаюць памідорамі, салодкім перцам, бульбай, яйкамі, часныком, цыбуляй, маслінамі, міндалем і віном.
Кілінарныя падарожжы па рэгіёнах ІспанііКалі на поўдні пануюць дары мора, то ў глыбіні краіны на сталах пераважае гародніна і розныя віды мяса, а ў гарах – ягняціна і стручковыя расліны.
Для Астурыі тыповай стравай з'яўляецца фасоля з тушанай свінінай у таматным соўсе - гэтак званая астурыйская фабада (fabada asturiana). Візітная картка высакагорнай Кастыліі – печаная цяляціна і ягняціна, а таксама паляндвіца (найбольш вядомая сэрана (serrano) і вострыя свіныя кілбаскі чарыза (chorizo). У Каталоніі харчуюцца рыбай, якую ў мностве варыянтаў гатуюць з гароднінай (свежай, варанай або марынаванай), у Галіцыі падаецца зарзуэла дэ марыкас (zarzuela de maricos) – кавалачкі смажанай рыбы, тушаныя ў вострай падліўцы з памідораў, цыбулі, часныку, алівы і віна. Валенсія - гэта радзіма паэльі, самай знакамітай іспанскай стравы з рысу, тушанага на вялікай патэльні з гароднінай, кавалачкамі курыцы або дарамі мора.
Ва ўсёй Іспаніі нязменнай папулярнасцю карыстаюцца халодныя супы з працёртай гародніны – “белы часнок” ajo blanco і “чырвоны” гаспача. Свой радавод гэтыя стравы вядуць яшчэ з часоў рымскага панавання, калі складалі стандартную дзённую пайку рымскіх легіянераў, раскватараваных на тэрыторыі сённяшняй Андалузіі. Іншыя тыповыя для Іспаніі супы гэта: пучэра (puchero) – суп з ялавічыны з вяндлінай, каўбасой, клёцкамі, пятрушкай і часныком, а таксама густая олья падрыда (olla podrida), аснову якой складаюць бараніна, цялячы кумпяк, бычыныя хвасты, вяндліна, вэнджаная каўбаса, гарох і гародніна. Пасля гатавання мяса, парэзанае на дробныя кавалачкі, падаецца ў супе, запраўленым часныком і вострымі прыправамі. Ва ўсёй краіне надзвычай папулярныя тартыльі (tortillas), смажаныя амлеты, падаваныя як у халодным, так і гарачым выглядзе.
На ўзбярэжжы пальму першынства трымаюць дары мора і рыбныя стравы. Вялізныя гандлёвыя павільёны - гэта каштоўнасць кожнага прыморскага горада, штодня там прадаюць вялізную колькасць макрэлі, тунца, крэветак, васьміногаў, устрыц і лангустаў.













