Гародніна дня
Прадукт дня
Гароднінныя пацешкі
Скандынаўская кухня
Яе сфармавалі натуральныя ўмовы, у якіх давялося жыць насельнікам гэтага рэгіёна Еўропы. Дароў прыроды, сабраных улетку і ўвосень, павінна было хапіць на доўгую і цяжкую зіму, таму жыхары навучыліся кансерваваць і рабіць запасы. Салёная, квашаная і марынаваная ежа не была асабліва вытанчаная або багатая на вітаміны. Самай разнастайнай кухняй могуць пахваліцца жыхары Швецыі. Тут ядуць шмат гародніны і садавіны. Аднак чым далей на поўнач, тым больш суровыя ўмовы прыроды, і тым бяднейшыя кулінарныя традыцыі.

З прычыны цяжкіх прыродных умоваў гародніна на сталах у скандынаўскіх краінах не такая частая, як у краінах з цёплым кліматам. Але гэта не азначае, што яе ўвогуле няма. У гэтых краях паўсюдна квасяць і марынуюць гародніну. Самыя папулярныя - марынаваныя бурачкі, парэзаныя на кубікі і залітыя воцатам з цукрам і цвічкай. Марынуюць і іншую гародніну, напрыклад, моркву, капусту, цукіні, салодкі перац, агуркі і баклажаны. У Швецыі і Нарвегіі папулярныя салодкія квашаныя агуркі.

Багацце нарвежскага стала
Нарвегія таксама мае багатыя кулінарныя традыцыі, звязаныя з ласосем. Нарвежцы, якія лічаць ласося ласункам, падаюць яго па-рознаму: смажаны (stekt laks), вэнджаны (rokt laks), вараны (kokt laks), печаны на грылі (grillet laks), марынаваны (gravet laks), тартар (laks tartar), у супе (fisze suple) або з макаронамі.
Нарвежцы любяць і іншыя рыбныя дэлікатэсы. Да найбольш папулярных належаць fiskeboller – рыбныя тэфтэлі ў белым соўсе. Вельмі папулярныя тут маленькія сардынкі – brislinger, якіх ловяць у Ставангеры. З даўніх часоў тут перапрацоўвалі сардыны, якія потым траплялі на сталы амаль ва ўсёй Еўропе.

Самы моцны і насычаны пах даносіцца з прылаўкаў з сушанай рыбай, якую мясцовыя завуць штокфіш (сушаная трэска). Адным гэты пах падаецца найцудоўнейшым на зямлі, іншых проста палохае. Штокфіш - гэта высушаная на сонца рыба сямейства трэскавых. Пад сонечнымі промнямі яна набывае спецыфічны смак, прывабны для адных і невыносны для іншых. Высушаная рыба захоўвае ўсе пажыўныя рэчывы, і, што самае галоўнае, калі яе намачыць, аднаўляе сваю ранейшую форму, пах і смак.













